4 лютага 2018 г. — 210 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808–1884), беларускага паэта, драматурга, тэатральнага дзеяча
Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч) Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся 4 лютага 1808 года ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні (цяпер у Валожынскім раёне Мінскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Скончыў павятовую школу ў Бабруйску (1824), вучыўся ў Вільні. З 1827 года працаваў перакладчыкам Мінскай епархіяльнай кансісторыі, потым — крымінальнай палаты. Набыў фальварак Люцынка (Люцінка) каля Івянца (цяпер вёска ў Валожынскім раёне), дзе і жыў, часта наведваючы Мінск. У 1850-я гады пераважна жыў у Мінску.
17 лютага 2018 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Максімавіча Дамашэвіча (1928–2014), пісьменніка, заслужанага работніка культуры Беларусі, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1992)
Уладзімір Максімавіч Дамашэвіч нарадзіўся 17 лютага 1928 года ў вёсцы Вадзяціна Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Тут прайшлі першыя яго дзіцячыя гады, вучыўся ў Гасцілавіцкай польскай пачатковай школе. Калі Уладзіміру было дзесяць, бацькі пераехалі на радзіму маці, у вёску Якшычы ля Клецка. Скончыў СШ № 2 г. Клецка.
3 лютага 2018 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Анатоля Іванавіча Разановіча (1958), пісьменніка, журналіста
Анатоль Іванавіч Разановіч нарадзіўся ў вёсцы Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобласці 3 лютага 1958 года. Жаданне пісаць прыйшло да хлапчука яшчэ ў школьныя гады — тады з’явіліся яго першыя вершы, якія неўзабаве былі надрукаваны ў раённай газеце «Навіны Палесся». З цягам часу асноўнымі ў творчым лёсе Анатоля Разановіча сталі празаічныя жанры.
6 лютага 2018 года — 55 гадоў з дня нараджэння Валерыя Мікалаевіча Гапеева (1963), пісьменніка, журналіста
Валерый Мікалаевіч Гапееў нарадзіўся 6 лютага 1963 года ў п. Восава Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Балатнянскай сярэдняй школе, у Мінскім электратэхнікуме сувязі па спецыяльнасці «радыёсувязь і радыёвяшчанне». Працаваў майстрам у вучылішчы ў г. Балхаш (Казахская ССР). У 1982–1984 гадах служыў у Савецкай арміі. Пасля была работа наладчыкам на мінскім заводзе «Інтэграл».
2018 г. — 205 гадоў з часу службы ў горадзе Брэсце (1813–1816) Аляксандра Сяргеевіча Грыбаедава (1795–1829), рускага пісьменніка, дыпламата
Аляксандр Сяргеевіч Грыбаедаў нарадзіўся ў 1795 годзе ў Маскве ў забяспечанай радавітай сям’і. Пасля Маскоўскага пансіёна паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт. Збіраўся прысвяціць сваё жыццё навуцы — кандыдат славесных навук, кандыдат права, ужо без «пяці хвілін» доктар права, але пачалася Айчынная вайна 1812 года. Аляксандр Грыбаедаў добраахвотна пайшоў у войска, стаў карнетам. Пакуль яго полк фарміраваўся, а затым рушыў на Захад у складзе рэзерву, асноўныя ваенныя дзеянні ішлі ўжо на тэрыторыі Заходняй Еўропы. Потым Аляксандр захварэў і здолеў дагнаць полк толькі ў пачатку восені 1813 года.
24 кастрычніка 2017 г. — 50 гадоў з дня нараджэння Вадзіма Вітальевіча Жылко (1967), журналіста, краязнаўца, пісьменніка, шахматыста
Вадзім Вітальевіч Жылко нарадзіўся 31 кастрычніка 1967 года ў горадзе Лунінцы Брэсцкай вобласці. Скончыў у 1984 годзе сярэднюю школу № 1, у 1990 — гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў тэхнікам у аддзеле архітэктуры Лунінецкага райвыканкама (1984–1991), кіраўніком гуртка ў Доме дзіцяча-юнацкай творчасці (1991–1993), навуковым супрацоўнікам Лунінецкага раённага краязнаўчага музея (1993–2006). З 2007 года працуе ў лунінецкім недзяржаўным штотыднёвіку «Информ-прогулка».
9 кастрычніка 2017 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Іванавіча Стальмашука (1922–1966), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, пісьменніка
Уладзімір Іванавіч Стальмашук нарадзіўся 9 кастрычніка 1922 года ў вёсцы Забалацце Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці). Быў пятым дзіцём у вялікай сялянскай сям’і. Пачаў помніць сябе з пастушковай торбачкай за плячыма і рабенькім кійком у руках. Але ў родзе Стальмашукоў цанілі навуку, імкнуліся вывучыць дзяцей. Валодзя закончыў чатыры класы Камяніца-Жыравецкай «паўшэхнай» школы, потым вучыўся ў вячэрняй школе, скончыў у Мінску афіцэрскія курсы Міністэрства ўнутраных спраў СССР.
27 верасня 2017 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Алеся (Аляксандра Канстанцінавіча) Кажадуба (1952), пісьменніка, публіцыста
Алесь (Аляксандр Канстанцінавіч) Кажадуб нарадзіўся 27 верасня 1952 года ў г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці ў сям’і служачых. З дзяцінства Алесь выявіў цікавасць да вучобы, асабліва да мастацкай літаратуры, што і прадвызначыла яго лёс. У 10-гадовым узросце з бацькамі пераехаў у г. Рэчыцу Гомельскай вобласці, у 1966-м — у г. Навагрудак Гродзенскай вобласці, дзе і закончыў сярэднюю школу (1969). Пасля заканчэння школы юнак паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна.
10 кастрычнiка 2017 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Леаніда Васільевіча Дранько-Майсюка (1957), паэта, празаіка
Леанід Васільевіч Дранько-Майсюк нарадзiўся 10 кастрычнiка 1957 года ў горадзе Давыд-Гарадку Столiнскага раёна Брэсцкай вобласцi ў рабочай сям’i. Першыя вершы друкавалiся ў раённай газеце «Навiны Палесся» з 1972 года.
11 мая 2017 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Раісы Андрэеўны Баравіковай (1947), пісьменніцы, перакладчыцы, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1987), Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1993), Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Раіса Андрэеўна Баравікова нарадзілася 11 мая 1947 года ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька, Андрэй Мікалаевіч Баравікоў, родам з Магілёўскай вобласці, ваяваў у 345-м партызанскім атрадзе Рамана Яроцкага і пасля вайны застаўся на Бярозаўшчыне, працаваў у райпо фінансістам. Маці, Ніна Уладзіміраўна (Шыманская), дзяўчынкай складала вершы на польскай мове, добра малявала.